Menu

A+ A A-

Лёс, які выбіраюць

  • Просмотров: 189
Цвірко В.К. Партрэт А.Н. Захаравай. 1948. Палатно, алей.

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца шэраг жывапісных партрэтаў беларускіх партызан, якія былі створаны мастакамі ў першыя пасляваенныя гады. Мастацкі партрэт, напісаны спецыяльна для музея, быў яшчэ адной узнагародай, формай прызнання і ўдзячнасці народа патрыётам, слава аб подзвігу якіх гучала на ўсю краіну.

      Аляксандра Нічыпараўна Захарава  —  камісар 255-га партызанскага палка  Гомельскай вобласці, пазіравала Віталію Канстанцінавічу Цвірко. Вобраз гераіні атрымаўся вельмі дасканалым, бо ўвасобіў адпаведны час. Вайна нагадвае аб сабе простым суровым шынялём, накінутым на плечы, форменнай сукенкай і ўзнагародамі, сярод якіх вылучаюцца ордэн Леніна і медаль “Партызану Айчыннай вайны” I-й ступені. Твар, насупраць, вельмі мірны, у светлай усмешцы вуснаў і вачэй. Перад намі жанчына, якая не толькі з годнасцю вытрымала ўсе выпрабаванні лёсу, але стала прыкладам мужнасці і сілы духу для партызан палка, які налічваў у чэрвені 44-га амаль 900 чалавек.

     Пазней у аўтабіяграфічным нарысе “У тыя дні” яна скажа: “…Жыццё мяне ніколі не песціла, усё што мною ўзята ад яго, - узята з боем”.

     Нарадзілася яна ў простай сялянскай сям’і на Украіне на Чарнігаўшчыне ў 1903 годзе. Па прычынах, аб якіх зараз можна толькі меркаваць, бацькі пераехалі ў Башкірыю, у сяло Верхамор. З сямі год яна засталася без маці, а з трынаццаці без бацькі. Мачыха, у якой было сваіх чацвёра, проста выгнала чужых для яе дзяцей жабраваць. Гэта былі гады грамадзянскай вайны, усюды панавалі разбурэнне і голад. Малодшых брата і сястру Аляксандра ўладкавала ў дзіцячы дом, сама разам са старэйшым братам пайшла ў парабкі. Менавіта ў гэты час выкавалася ўпартасць і вынослівасць. Не баялася ніякай працы і знаходзіла ў працы радасць. Любіла народную песню і танцы пад вясковы гармонік. Яе не засмучала, што не было ўбораў, бо адчувала да сябе павагу з боку равеснікаў за працу і веды. Яшчэ калі быў жывы бацька, Аляксандра скончыла пачатковую школу і назаўсёды  захапілася чытаннем. Асабліва любіла расказваць іншым прачытанае. Запаведнай марай было  —  вучыцца!

      Але, як толькі ёй споўнілася сямнаццаць год, прыйшлося пайсці замуж. Тады  ніхто доўга не пытаўся. Прыехалі сваты і звезлі ў вёску за 40 кіламетраў. Замужжа яна ўспамінала як самы цяжкі і самы змрочны час у сваім жыцці, бо трапіла ў сям’ю, дзе не лічыліся з чалавечай годнасцю, не думалі аб выхаванні душы. Пасля нараджэння сына і смерці мужа, яна папрасіла адвезці яе ў сваю вёску. Больш за два месяцы аднавяскоўцы, браты і сястра дапамагалі ёй выжыць і ачуняць ад малярыі.

     Велізарную ролю адыграла ў яе жыцці загадчык Верхаморскага дзіцячага дома, адукаваная і чулая жанчына. Яна ўзяла Аляксандру на працу прыбіральшчыцай, а сына Яўгенія на выхаванне ў дзіцячы дом. Акрамя таго,  звярнуўшы ўвагу на здольнасці Захаравай, яна настойліва займалася з ёй  навукамі і падрыхтавала для паступлення на педагагічныя курсы. Пасля заканчэння курсаў Захарава пайшла ў школу вучыць дзяцей. Яна перамагла ўсё і стала самастойным чалавекам. У дваццаць год за яе плячамі ўжо была суровая жыццёвая школа.

     Далей наступілі светлыя і радасныя часы. Яна працавала, закончыла Пермскі педагагічны інстытут, вучыла сваіх братоў і сястру, выхоўвала сваё дзіця. Праз два гады ўступіла ў Камуністычную партыю. Што адчувала і да чаго імкнулася, сама яна выказала словамі: “Мой шлях  —  шлях многіх жанчын майго пакалення. Што было б са мною і са многімі такімі, як я, калі б не прыйшла нам на дапамогу савецкая ўлада!” У апошнія гады перад Вялікай Айчыннай вайной Аляксандра Нічыпараўна Захарава працавала лектарам Беластоцкага абласнога камітэта партыі ў Беларусі. 22 чэрвеня 1941-га была ў камандзіроўцы ў адным з раёнаў вобласці.

      У першыя гадзіны вайны яна ўбачыла ўсе яе жахі. У Беластоку, куды шлях быў закрыты, застаўся сын, які толькі што скончыў дзесяты клас. Ужо адно гэта не давала спакою. Разам з усімі яна адыходзіла на Усход. У асноўным ішлі ноччу, па бакавых дарогах і сцежках. У дарозе распухлі ногі, на падэшвах з’явіліся раны, мучыў голад. Пад бамбёжкамі і абстрэламі імкнулася дагнаць сваіх, перайсці лінію фронту, толькі б не застацца ў ворага. Мучыла бездапаможнасць. Менавіта ў гэтыя цяжкія дні адступлення нарадзіліся нянавісць, гнеў, жаданне змагацца.

     Калі прыйшлі да Дняпра, быў ужо канец ліпеня. Перайсці фронт не здолела. Застаўшыся адна са сваім горам, без жылля, босая, раздзетая яна проста не ведала куды падацца. Ішла па старых адрасах, спадзеючыся адшукаць сяброў ці знаёмых. На гэтым шляху ўсюды падсцерагала небяспека. У мястэчку Свіслач трапіла ў аблаву, што праводзілася гітлераўцамі і паліцаямі на яўрэяў. Надзейна схаваўшыся,  яна з адчаем назірала, як беспакарана здзяйсняліся злачынствы, ад якіх сівелі на галаве валасы. Убачанае і перажытае ўзмацняла прагу ўзяцца за зброю, хоць гэта і супярэчыла  самой прыродзе жанчыны-маці, супярэчыла яе мірнай прафесіі настаўніцы.

    Нягледзячы на забарону ўлад “новага парадку”, рызыкуючы жыццём, часцей за ўсё ў прыцемках, з боку агародаў, каб ніхто не бачыў, людзі  пускалі на начлег. Адна старая нават вытапіла ноччу лазню, а другі гаспадар, што быў шафёрам, зладзіў ёй абутак з гумавай пакрышкі. З надыходам зімы яна, зусім змучаная, пакінула спробы перайсці лінію фронта і вырашыла ў тыле шукаць нейкія формы барацьбы. Яе пашкадаваў і пакінуў у сваёй хаце 85-гадовы дзед Супрон з вёскі Варатынь Бабруйскага раёна. Харчы сабе і дзеду здабывала ўсялякай сялянскай работай. У вёсцы яе звалі проста Шурай-бежанкай.

     Працуючы ў людзей, Захарава часта заводзіла гутаркі на розныя тэмы. Моладзі, што збіралася каля яе вечарамі, расказвала пра вядомых рэвалюцыянераў, пра гістарычныя подзвігі герояў грамадзянскай вайны. Шмат твораў Някрасава і Талстога яна чытала напамяць. Неўзабаве ў хаце дзеда Супрона зрабілася цесна ад жадаючых слухаць. Яна адабрала з ліку моладзі сямнаццаць чалавек, як ёй здавалася больш надзейных, з якімі  збіраліся асобна і вялі гутаркі на палітычныя тэмы і пра існуючы час. Паваротным пунктам ва ўсім стала лістоўка з прамовай І.В. Сталіна ад 3 ліпеня 1941-га года з заклікам да барацьбы ў тыле ворага. Каб не выдаць сябе, пачалі працаваць кансператыўна. Прапаганду супраць гітлераўцаў сталі весці больш актыўна. Збіралі зброю і медыкаменты, хадзілі ў аддаленыя вёскі і гарады, адшукваючы лістоўкі, бо людзі вельмі хацелі атрымліваць звесткі з Вялікай зямлі. Увесь час прыкладалі намаганні каб звязацца з партызанамі, аб якіх ужо хадзілі чуткі. Мясцовасць, на жаль, была бязлесай і партызаны ў вёску не пранікалі.

    Вясной 1942 года Захаравай нарэшце пашанцавала ўстанавіць сувязь з партызанамі. Падпольная група пачала атрымліваць заданні. Перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, звесткі аб руху эшалонаў ворага, рыхтавалі людзей да выхаду ў партызанскі атрад, сарвалі ўгон моладзі з Варатыні ў Германію.

    Захарава неаднаразова ўдзельнічала з групамі партызан 255-га атрада ў асобных аперацыях па падрыву чыгуначнага палатна, па знішчэнню гестапаўцаў і паліцаяў. Аднойчы пасля падрыву чыгуначнага маста партызаны трапілі ў засаду. У гэтым баі Аляксандра Захарава ўратавала жыццё параненаму  маладому партызану. Пагрузіўшы яго на сялянскую падводу, паспела  вывезці з вёскі ўслед за адыходзячымі партызанамі. Пасля гэтага яе пакінулі ў атрадзе. З цягам часу прыбыла ў Азяранскія лясы ў Рагачоўскі раён, дзе размяшчаўся штаб 8-й Рагачоўскай партызанскай брыгады. Неўзабаве Рагачоўскі падпольны райком партыі даручыў ёй прапагандысцкую работу.  

     Першы даклад яна прачытала ў вёсцы Мілае ў Клічаўскім раёне аб Міжнародным жаночым дні 8 сакавіка. Усіх жадаючых слухаць не змог змясціць вялікі школьны пакой і таму чытала толькі для жанчын. Яна расказала пра Паліну Раскову і яе жаночы авіяцыйны полк, пра подзвіг Зоі Касмадзям’янскай, пра іншых жанчын, што змагаліся на фронце, у партызанскіх атрадах, працавалі ў савецкім тыле, набліжаючы перамогу. Шчыра і ветліва прымала насельніцтва партызанскіх агітатараў, ахоўвала іх, праводзіла ў небяспечных месцах. Бывала, што выходзілі для чытання дакладаў цэлым атрадам. Партызаны займалі баявое становішча на ўскрайку вёскі, а насельніцтва сыходзілася і слухала выступленне.

     Улетку 1943 года  групе з дзевяці партызан, у якой была і Аляксандра Захарава, было даручана пераправіць з Гомельскага падпольнага абкама партыі друкарню і шрыфт. Прадстаяла пераадолець трыста кіламетраў па варожым тыле, часта па бязлесай мясцовасці, два разы перайсці чыгунку, якая ўзмоцнена ахоўвалася, шмат разоў перайсці праз шасейныя дарогі, пераправіцца праз раку Беразіну. Гэта паручэнне было паспяхова выканана. У верасні 1943 года пачала друкавацца газета Рагачоўскага падпольнага райкама партыі “Камунар”.

     Камандаваннем 8-й Рагачоўскай партызанскай брыгады была арганізавана школа камандзіраў і палітработнікаў. Захарава выкладала палітычную дысцыпліну і адначасова сама настойліва вывучала вайсковую справу. Шмат увагі яна надавала рабоце сярод жанчын. У брыгадзе іх было 177 чалавек. Жанчыне-салдату ў лясных умовах, у суровых абставінах вайны прыходзілася вельмі цяжка. Трэба было выхоўваць у іх бясстрашша, вынослівасць і мужнасць, вучыць іх валодаць зброяй.

      Увосень 1943 года па прычыне таго, што брыгада вырасла ў вялікае партызанскае злучэнне, было вырашана на базе 255-га атрада стварыць 255-ты партызанскі полк. Камандзірам палка заставаўся былы камандзір атрада Мінайлаў Васілій Аляксандравіч, а камісарам па агульнаму рашэнню была назначана Аляксандра Нічыпараўна Захарава. Гэта было вельмі нечакана для Захаравай, бо ва ўсім партызанскім краі не было жанчыны-камісара. Зразумела, чаму з некаторых атрадаў прыязджалі пасланцы, каб пераканацца ў гэтым асабіста.

     У 1943 годзе ёй споўнілася сорак гадоў. Для яе самой было дзіўна, з якой лёгкасцю яна ездзіла на кані, пераносіла маланкападобныя пераходы, несла службу байца-партызана. Яна працавала ўпэўнена і спакойна, амаль не загадвала, ніколі не крычала. Не  аднойчы ў  крытычныя моманты баёў і блакады ёй даводзілася выходзіць уперад і мужчыны-партызаны ўзнімаліся за ёй. І таму яе месца па-праву было пад сцягам палка ўперадзе калоны партызан, магутнай сілы ўзброеных людзей.  

     У красавіку 1944 года партызаны вялі жорсткія баі з фашыстамі. Ужо некалькі месяцаў яны знаходзіліся ў прыфрантавой паласе. Не хапала боепрыпасаў і харчоў, зусім не было солі. Параненых і хворых прыходзілася вазіць і насіць за сабой. Людзі страшэнна стаміліся. Падчас адной з бамбардзіровак партызанскага лагера Захарава была паранена ў локаць правай рукі. Камандаванне вырашыла накіраваць яе ў савецкі тыл з Магілёўскага партызанскага аэрадрома. 15 мая 1944 года яна прыбыла ў Гомель, які быў вызвалены яшчэ ў лістападзе 1943 года. Тут знаходзіўся ўрад Беларусі і Беларускі штаб партызанскага руху. Пасля яе сустрэчы з Панцеляймонам Кандратавічам Панамарэнка ў Рагачоўскай партызанскай брыгадзе была арганізавана пляцоўка для самалётаў. У першы рэйс была паслана соль, медыкаменты, патроны. Адтуль за кароткі час былі перапраўлены параненыя, хворыя, дзеці і старыя. Толькі пасля гэтага,  Захарава згадзілася на лячэнне ў маскоўскім шпіталі.

     У баявой характарыстыцы, падпісанай начальнікам Беларускага штаба партызанскага руху палкоўнікам Прохаравым, адзначаецца, што камісар Захарава кіравала і прымала непасрэдны ўдзел ва ўсіх баявых аперацыях палка, смелая і рашучая. У баях праявіла ўзоры мужнасці, стойкасці і адвагі. Уласным прыкладам натхняла асабісты склад палка на баявыя подзвігі. Палітыка-выхаваўчая работа была пастаўлена на неабходную вышыню. Карысталася вялікім аўтарытэтам сярод камандавання і партызан.

      Брыгадай, дзе Захарава была камісарам, у адкрытых баях і шляхам засад было знішчана больш за 2000 гітлераўцаў, спушчана пад адхон каля 40 варожых эшалонаў, знішчана 1367 чыгуначных рэек, знішчана 4 нямецкія гарнізоны, 26 паліцэйскіх участкаў, узяты вялікія трафеі.  

     У жніўні 1944 года, яшчэ у шпіталі, яна даведалася, што ўзнагароджана вышэйшай урадавай узнагародай  —  ордэнам Леніна. Большай за гэту была радасць, што знайшоўся яе сын. У першы месяц вайны ён з Беластока, перайшоўшы фронт праз Пінскія балоты, патрапіў у яшчэ не заняты гітлераўцамі Гомель, дзе ўступіў у рады Чырвонай Арміі. Увесь час ён быў на фронце, дзе атрымаў сем узнагарод. 

     Аляксандра Нічыпараўна Захарава пасля лячэння вярнулася ў Беларусь, у Мінск. З 1945-га была лектарам, а затым намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КП(б)Б. У 1947-1959 гадах - дырэктар Дома-музея І з’езду РСДРП, намеснік старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. Яна двойчы вылучалася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Такі лёс яна выбрала для сябе сама.

 

Заг. аддзела пісьмовых
і выяўленчых крыніц                                                                                                                                       Г.В. Паўлоўская