Menu

Бiтва на рэйках (да 75-годдзя аперацыі «Рэйкавая вайна»)


26 чэрвеня 2018 г.
у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася часовая экспазіцыя «Бітва на рэйках». Яна прымеркавана да 75-годдзя «Рэйкавай вайны» – адной з буйнейшых аперацый савецкіх партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны. Аснову экспазіцыі склалі дакументы і прадметы з фондаў музея. Выстава дае магчымасць прасачыць працэс падрыхтоўкі і этапы правядзення аперацыі, даведацца аб лёсах славутых падрыўнікоў.

Колькасны рост партызанскіх фарміраванняў, вялікі вопыт барацьбы далі магчымасць Цэнтральнаму штабу партызанскага руху ажыццяўляць буйныя аперацыі па вываду са строю чыгуначных камунікацый ворага метадам адначасовага масіраванага ўдару. Аперацыя «Рэйкавая вайна» праходзіла ў тры этапы са жніўня 1943 г. – па ліпень 1944 г. напярэдадні буйных наступленняў Чырвонай Арміі па ўсёй акупіраванай гітлераўцамі тэрыторыі, аднак найбольшага размаху дасягнула на беларускай зямлі.

Падрыхтоўка аперацыі прадстаўлена сюжэтнымі фотаздымкамі, а таксама матэрыяламі інструктараў-мінёраў, якія былі накіраваны ў партызанскія злучэнні напярэдадні «Рэйкавай вайны» для навучання партызан падрыўной справе. Так, старшы інструктар мінна-падрыўной справы філіяла спецшколы БШПР Г.А. Крывулін падрыхтаваў 322 падрыўніка, а прадстаўнік БШПР у Гомельскім партызанскім злучэнні В.А. Ігнаценка 49 дыверсійных груп, якія пусцілі пад адхон 78 эшалонаў праціўніка. Пра адказнасць працы інструктараў-мінёраў сведчаць наступныя радкі з успамінаў В.А. Ігнаценкі: «Пры вылеце з Масквы мне і маім таварышам строга забаранялася асабіста прымаць удзел у дыверсіях, а асноўная задача – падрыхтоўка кадраў».

Для забеспячэння аперацыі авіяцыяй партызанам былі дастаўлены неабходныя мінна-выбуховыя сродкі. Найбольш дакладна ахарактарызаваў асаблівасць падрыхтоўкі «Рэйкавай вайны» Герой Савецкага Саюза камандзір партызанскай брыгады «Жалязняк» Мінскай вобласці І.П. Ціткоў: «Знамянальным у аперацыі было тое, што ў матэрыяльным дачыненні яна была поўнасцю забяспечана. Мы мелі ў распараджэнні міны з прыстасаваннем для мацавання да рэек, што зрабіла бяспечнымі падрыўныя работы».

З справаздач камандавання партызанскіх брыгад аб колькасці знішчаных рэек, сюжэтных фатаграфій дыверсій на чыгунцы, артыкулаў рукапісных часопісаў і баявых лісткоў наведвальнік можа даведацца як адбываліся тры этапы «Рэйкавай вайны». Партызанскім атрадам і брыгадам па плану аперацыі былі вызначаны ўчасткі чыгунак і колькасць рэек, якія неабходна падарваць. Першы этап «Рэйкавай вайны» пачаўся ў ноч на 3 жніўня 1943 г. і быў спецыяльна прымеркаваны да контрнаступлення савецкіх войскаў на Курскай дузе. Для захавання тайны загад аб правядзенні першага этапу аперацыі быў перададзены ў партызанскія злучэнні праз афіцэраў сувязі. Адзін з такіх экзэмпляраў – «для Ізоха і Канавалава» – прадстаўлены ў экспазіцыі. Толькі за першы этап партызаны падарвалі 121 500 рэек, пусцілі пад адхон 834 варожыя эшалоны, узарвалі 184 чыгуначныя масты, вывелі са строю 392 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі.

Рост дыверсій на чыгуначных магістралях аказаў значнае ўражанне на праціўніка. Герой Савецкага Саюза К.П. Арлоўскі у сваіх успамінах адзначаў: «Гэты метад, гэтая тактыка, гэтая «Рэйкавая вайна» уздзейнічалі на гітлераўскіх акупантаў ашаламляльна, таму што ў адну ноч на тэрыторыі Беларусі былі ўзарваны дзясяткі тысяч чыгуначных рэек...».Прадстаўлены трафейныя дакументы аб супрацьдзеянні праціўніка партызанскім дыверсіям на чыгунцы.

Другі этап пад умоўнай назвай «Канцэрт» праводзіўся з 19 верасня да пачатку лістапада 1943 г. і быў запланаваны, каб падтрымаць Чырвоную Армію ў бітве за Днепр. У выніку праціўнік, нягледзячы на складанае становішча на савецка-германскім фронце, быў вымушаны падвоіць колькасць дывізій для аховы стратэгічных камунікацый.

Трэці этап аперацыі быў распачаты ў ноч на 20 чэрвеня 1944 г. напярэдадні Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён». На гэтым этапе партызаны непасрэдна ўзаемадзейнічалі з наступаючымі войскамі Чырвонай Арміі. У ходзе аперацыі яны падарвалі 61 000 рэек, знішчылі 8 чыгуначных мастоў. Былі поўнасцю выведзены са строю асноўныя чыгуначныя лініі, часткова паралізаваны варожыя перавозкі амаль па ўсіх дарогах Беларусі.

Шэраг планшэтаў часовай экспазіцыі прысвечаны беларускім партызанам, якія вызначыліся падчас правядзення «Рэйкавай вайны». Многія ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. А лепшыя з лепшых удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Гэта былі сапраўдныя майстры падрыўной справы. На асабістым рахунку кожнага з іх дзясяткі знішчаных варожых эшалонаў. Сярод іх – Героі Савецкага Саюза А.С. Лукашэвіч (9), Ф.П. Котчанка (10), Ф.А. Малышаў (19), У.А. Парахневіч (21), Ф.Я. Кухараў (24), Р.А. Такуеў (19).

Кожны раз выходзячы на заданне, падрыўнікі рызыкавалі сваім жыццём: нямала з іх загінула смерцю храбрых падчас правядзення дыверсій на чыгунцы – Ф.І. Кавалёў, І.В. Сыцько, М.В. Гойшык, А.С. Лукашэвіч...

Якімі якасцямі і рысамі характару павінен быў валодаць падрыўнік? На гэта пытанне ў артыкуле «Выхаванне дыверсантаў» дакладна адказаў Павел Кажушка – камандзір дыверсійнай групы 752-га атрада 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады Магілёўскай вобласці, якая пусціла пад адхон 27 эшалонаў праціўніка. Ён лічыў, што для сапраўднага мінёра недастаткова дасканала валодаць зброяй, умець карыстацца картай і компасам, добра арыентавацца на мясцовасці ў любым становішчы, хутка, але асцярожна ставіць міну, старанна яе маскіраваць. Яшчэ трэба выхоўваць настойлівасць у выкананні задання, дысцыплінаванасць на маршы і пры мініраванні. Дыверсант павінен умець пераносіць непагадзь, голад, недасыпанне. Асабліва П. Кажушка звяртаў увагу на ўзаемную выручку сярод членаў падрыўной групы, якая падчас дыверсіі на чыгунцы не магла разлічваць на падтрымку асноўных сіл атрада. Сярод адмоўных рыс камандзір дыверсійнай групы называў недысцыплінаванасць, калі недакладнае дзеянне аднаго байца можа прывесці да невыканання пастаўленай задачы і нават гібелі ўсіх партызан.

Пра легендарных падрыўнікоў складаліся вершы, адзін з іх пра Фёдара Бачылу – камандзіра дыверсійнай групы атрада імя С.Г. Лазо 3-й Мінскай брыгады імя С.М. Будзённага Мінскай вобласці, які пусціў пад адхон 28 эшалонаў праціўніка:

Партия нас мужеству учила.

Ты ее отличный ученик.

Федор Афанасьевич Бачило –

Лучший по бригаде подрывник.

Нараўне з юнакамі рызыкавалі сваім жыццём і дзяўчыны. Правядзенне дыверсій на чыгунцы было для іх няпростай справай. Акрамя валодання неабходнымі навыкамі падрыўной справы, ім неабходна было саўладаць з пачуццямі і пераадолець свой страх. Тамара Пачакаева – падрыўнік партызанскага атрада імя С.М. Кірава партызанскай брыгады імя В.П. Чкалава, якая пусціла пад адхон 10 варожых эшалонаў, успамінала: «Першы раз пайшла я на выкананне баявога задання ў красавіку. Вядома, было страшна, але я не спужалася, хутка паставіла міну і адышла ў лес (узрывалі спрошчанымі варыянтамі пры дапамозе шнура). Сядзім і чакаем, а сэрцы калоцяцца. Я гавару сабе, што ўсё роўна дачакаемся, перавернем нямецкую гадзіну».

Дзяўчыны-падрыўнікі карысталіся вялікай павагай сярод партызан. Некаторыя з іх былі вылучаны на камандныя пасады. Напрыклад, Валянціна Падчуфарава ўзначаліла аддзяленне падрыўнікоў 36-га партызанскага атрада 8-й брыгады Брэсцкай вобласці. На яе асабістым рахунку – 20 эшалонаў праціўніка.

Нельга не адзначыць і тое, што тэма «Рэйкавай вайны» займала адно з цэнтральных месцаў у творчасці партызан. Дыверсіям на чыгунцы прысвячаліся цэлыя артыкулы ў партызанскіх рукапісных часопісах, вершы, песні, малюнкі, гумарыстычныя замалёўкі.



Запрашаем наведаць часовую экспазіцыю «Бітва на рэйках», якая размешчана ў зале № 7 «Партызанскі рух. Антыфашысцкая падпольная барацьба».

Наверх