Menu

З ЮБІЛЕЕМ, “ЗВЯЗДА”!

     Добрай традыцыяй стала супрацоўніцтва Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з газетай “Звязда”. У гэтым годзе газета адзначае свой векавы юбілей. Да гэтай святочнай падзеі супрацоўнікі музея разам з карэспадэнтам газеты Веранікай Канютай падрыхтавалі асаблівы падарунак – тэматычны квэст.
     28 жніўня супрацоўнікі рэдакцыі падзяліліся на дзве каманды, дзе кожны ўдзельнік быў матываваны на перамогу. Каб перамагчы, камандам неабходна было прадэманстраваць свае веды не толькі па гісторыі роднай газеты, але і па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Трэба адзначыць, што звяздоўцы добра арыентаваліся ў залах музея, выдатна выконвалі заданні і ў выніку набралі аднолькавую колькасць балаў.
     Пасля праходжання квэсту ў зале “Перамогі” звяздоўцаў чакаў яшчэ адзін прыемны момант – выданне другога нумара падпольнай газеты па макету “Звязды”, які выйшаў 75 гадоў таму. Сённяшнія звяздоўцы вырашылі накіраваць пасланне ў той далекі 1942 год сваім папярэднікам, якія працавалі ў падпольнай “Звяздзе”: “Звяртаемся да ўсіх, хто сёння, 28 жніўня, знаходзіцца на акупаванай зямлі і верыць у тое, што гэта не назаўсёды. Мы, вашы нашчадкі, якія цудоўным чынам атрымалі магчымасць напісаць гэтыя радкі ў гэтым нумары, дакладна ведаем: Перамога будзе! Наша любімая Беларусь будзе свабоднай і квітнеючай краінай. Каб пацвердзіць гэта, мы, супрацоўнікі “Звязды” 2017 года, падрыхтавалі для вас нумар сенняшняга дня, 28 жніўня 2017 года. Вы змагаліся і верылі недарэмна. Дзякуй вам за гэта! Дзякуй вам за жыццё!” Удзельнікі тэматычнага квэсту на памяць ад музея атрымалі падарункі.
     Усе супрацоўнікі музея шчыра жадаюць роднай газеце творчых поспехаў і новых праектаў, каб колькасць чытачоў павялічвалася з кожным годам! 
Фота Надзеі БУЖАН













Наверх