+375 (17) 203-08-72
ВТ-ВС с 10:00 до 19:00

Генерал-маёр Міхаіл Цімафеевіч Раманаў

Памяць аб героях не памірае

 
     17 лістапада 2016 г. спаўняецца 125 гадоў з дня народзінаў Міхаіла Цімафеевіча Раманава – генерал-маёра, камандзіра 172-й стралковай дывізіі, якая гераічна абараняла Магілёў з 3 па 26 ліпеня 1941 года. Гэта быў цудоўна падрыхтаваны камандзір дывізіі, які павольна, але дакладна ўздымаўся да гэтай пасады па доўгай службовай лесвіцы і які меў выдатныя атэстацыі за ўсе гады сваёй службы, што і знайшло сваё пацверджанне ў баях за Магілёў. Гераічна абараняючы крэпасць на Дняпры, гэты мужны чалавек з цвёрдым характарам апынуўся ў лагеры ваеннапалонных, дзе загінуў, аддаўшы за шчасце свайго народа найдаражэйшае – сваё жыццё.
     Чым больш часу аддзяляе нас ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, тым шырэй раскрываецца гераічнасць людзей, робяцца вядомымі новыя факты, якія сведчаць аб велічы духу і высокіх маральных якасцях абаронцаў нашай Радзімы. Пра тых, хто цаною свайго жыцця ваяваў у самыя страшныя гады, хто, не шкадуючы сябе, дзень за днём на крывавых палях прыбліжаў Перамогу.
     Міхаіл Цімафеевіч нарадзіўся 3 (17) лістапада 1891 года ў Ніжнім Ноўгарадзе, у сям’і рамесніка. Да 15 гадоў ён з адменнасцю скончыў гарадское вучылішча, але ў сувязі са смерцю бацькі, каб утрымваць сваю сям’ю, пачаў працаваць рамеснікам-надомнікам па прашыўцы фуражак. Працаваць даводзілася зранку да позняй ночы. Але як толькі надыходзіла нядзеля Міхась адпраўляўся ў гарадскую бібліятэку, дзе і праводзіў свой адзіна вольны дзень у тыдзень.
     У 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна, а ў 1915 годзе Міхаіла прызываюць у дзейнае войска, праз шэсць месяцаў накіроўваюць у Чыстопальскую школу прапаршчыкаў. Пасля яе заканчэння ён камандаваў ротай у складзе 72-га палка ў Ржэве. Так пачыналася вайсковая біяграфія будучага генерала.
     У 1918 годзе ён уступіў у шэрагі Чырвонай Арміі. Браў удзел у Грамадзянскай вайне, у баявых дзеяннях у Туркестане, быў цяжка паранены. За выяўленую гераічнасць і камандзірскія здольнасці прызначаны камандзірам палка. Міхаілу Цімафеевічу ўдалося скончыць пяхотную камандзірскую школу. Пазней ён будзе камандаваць 50-м і 18-м стралковымі палкамі. У 1938 годзе быў прызначаны намеснікам камандзіра 55-й стралковай дывізіі. У 1939-40 гадах браў удзел у Cавецка-фінляндскай вайне. У 1940 годзе атрымаў званне генерал-маёра, а пасля заканчэння шасцімесячных курсаў удасканалення каманднага складу пры Акадэміі Генеральнага штаба ў сакавіку 1941 года быў прызначаны камандзірам 172-й стралковай дывізіі.
     Пачатак Вялікай Айчыннай вайны склаўся трагічна для частак і злучэнняў Чырвонай Арміі. Прарываючы абарону нашых войскаў, нямецкія танкавыя часткі генерал-палкоўніка Гейнца Гудэрыяна накіроўваліся на ўсход. На шосты дзень вайны, 28 чэрвеня, нямецкія войскі былі ўжо ў Мінску. 16 ліпеня паў Смаленск. Да гэтага часу, знаходзіўшыся ўжо ў глыбокім тыле ворага, за 200 кіламетраў ад лініі фронту, Магілёў трымаўся і скоўваў буйныя сілы праціўніка. Па сутнасці, гэта быў другі Брэст, пра які, як і пра абарону Брэсцкай крэпасці, спачатку не прынята было казаць услых.
     Ужэ 26 чэрвеня 1941 года першы эшалон з асабовым складам 172-й дывізіі адбыў на захад, з 28 чэрвеня па 3 ліпеня яе часткі сканцэнтроўваліся ў раёне Магілёва, дзе ўдасканальвалі абарончыя збудаванні. Пахмурнай раніцай 28 чэрвеня 1941 года злучэнне, якім камандаваў генерал-маёр М.Т. Раманаў, прыбыло ў Магілёў – адчувалася, што набліжаюцца грозныя падзеі.

Карта-схема абароны Магілёва
      У небывала кароткі тэрмін, за пяць-сем дзён, была ўтворана стройная сістэма абароны. Стралковая дывізія генерал-маёра М.Т. Раманава з атрадамі народнага ўзбраення заняла адведзеную мяжу абароны на Дняпры, стаўшы на шляху 2-й танкавай групы і 4-й арміі праціўніка, якія імкнуліся фарсіраваць раку і забяспечваць прасоўванне войскаў да Масквы.
     Змяняючы абарончыя пазіцыі, баронячы кожны кавалачак магілёўскай зямлі, яго байцам атрымоўвалася стрымліваць бесперапынныя атакі, нягледзячы на пяціразовую перавагу праціўніка ў колькасці войскаў і тэхнікі. Яны даставілі ворагу нямала клопатаў, наносячы контрудары па пунктах засяроджвання непрыяцельскіх падраздзяленняў. Бесперапынна знаходзячыся на лініі абароны, генерал-маёр асабіста кіраваў баявымі дзеяннямі сваіх падраздзяленняў. Ён заўсёды быў там, дзе цяжэй. Самаахвярнасць савецкіх салдат надоўга затрымала нямецкія часткі ў сцен горада.
     Тым не менш, у другой палове ліпеня 1941 года з кожным днём становішча нашых салдат у Магілёве рабілася ўсё больш цяжкім: канчаліся боепрыпасы, няма куды было эвакуіраваць параненых, скончыліся медыкаменты. Неўзабаве ў сярэднім на кожнага ваяра засталося не больш за тры патроны. Нягледзячы на велізарныя страты, тыя, хто застаўся ў страі, былі перапоўнены мужнасцю і гатовы былі працягнуць няроўнае змаганне. Генерал-маёр разумеў, што падчас бітвы наступіў такі момант, калі далейшая абарона дняпроўскай мяжы на абмежаванай пляцоўцы не магла ўжо больш мець аператыўнага значэння. Спроба заставацца далей на занятых пазіцыях пагражала вынішчэннем падначаленых яму войскаў.

Артылерыйскі разлік 45-мм гарматы змяняе агнявую пазіцыю
     26 ліпеня 1941 года, вычарпаўшы ўсе магчымыя сродкі абароны, Міхаіл Цімафеевіч сабраў апошнія сілы і павёў іх на прарыў, на поўдзень, з тым, каб злучыцца з часткамі, якія абараняюць Гомель. Усе разумелі, што шанцаў прарвацца няма ніякіх, але, не жадаючы здавацца, чырвонаармейцы былі гатовы памерці ў баі. Гэта была апошняя атака 172-й стралковай дывізіі, дакладней тых, хто яшчэ заставаўся ў страі.
     Начны рукапашны бой быў жорсткім і нядоўгачасовым. Толькі нямногім удалося прарвацца ў лясы да партызанаў. Многіх байцоў і камандзіраў не далічыліся падчас выхаду з бою. Генерал-маёр М.Т. Раманаў быў цяжка паранены, яго вынеслі з лесу і пакінулі ў вёсцы Барсукі.
     Рызыкуючы сваім жыццём, амаль два месяцы за ім даглядала сям’я Міхаіла Фёдаравіча Асмалоўскага, дапамагала ім таксама лекар Алена Уладзіміраўна Фраленка, якая эвакуіравалася з Мінска і жыла разам з маці ў суседняй вёсцы Гуслішчы.
     Увага і душэўнае стаўленне добрых людзей, а таксама аказаная меддапамога паднялі сілу і дух М.Т. Раманаву, ён стаў бадзёрым. Разам з тым цяжкае раненне давала пра сябе знаць, раны зажывалі паволі. Усё гэта непакоіла Міхаіла Цімафеевіча, ён не мог змірыцца з тым, што вымушаны заставацца на акупаванай тэрыторыі з-за ранення і бяздзейнічаць. Быўшы яшчэ зусім слабым, ён здолеў нават арганізаваць падпольную групу з вайскоўцаў і мясцовага насельніцтва. Думка пра тое, каб хутчэй перайсці лінію фронту, не давала яму супакою.
    Праз некаторы час, падлячыўшыся і крыху ўзмацнеўшы, генерал-маёр М.Т. Раманаў збіраўся пайсці ў лес да партызанаў, але не паспеў. Ён быў выдадзены па даносе і схоплены 22 верасня 1941 года разам з сям’ёй Асмалоўскіх. 13 безнадзейных чалавек, сярод іх былі амаль усе Асмалоўскія, – расстраляны. Сам Міхаіл Цімафеевіч быў скіраваны ў Лупалаўскі лагер для ваеннапалонных (шталаг № 341), які знаходзіўся на ўскраіне Магілёва. Адтуль 19 лістапада 1941 быў перапраўлены ў нямецкі канцлагер Хамельбург, дзе і памёр 3 снежня 1941 года. Да 100-годдзя з дня народзінаў генерал-маёра на месцы яго пахавання нямецкія ўлады ўсталявалі мемарыяльную дошку.
     Яшчэ 9 жніўня 1941 года «за гераізм і мужнасць, выяўленыя падчас абароны Магілёва», генерал-маёр М.Т. Раманаў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Але сам ён так і не пазнаў пра гэта.
Помнік генерал-маёру М.Т. Раманаву, устаноўлены ў Магілёве
     Аднак подзвіг Міхаіла Цімафеевіча не забыты. У Магілёве ў гонар яго названа вуліца, усталяваны бюст, ёсць мемарыяльная дошка. У фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваюцца фотадакументальныя матэрыялы Міхаіла Цімафеевіча Раманава, прадстаўлены яны і ў раздзеле экспазіцыі, прысвечаным абароне Магілёва.

Малодшы навуковы супрацоўнік
аддзела ваенна-франтавой гісторыі
А.А. Сіняўскі

Герой Советского Союза Михаил Фёдорович Сильницкий 18 ноября 2016
Давид Ильич Кеймах, командир разведывательно-диверсионного отряда «Дима» Минской области 4 ноября 2016