+375 (17) 203-08-72
ВТ-ВС с 10:00 до 19:00

Тэгеранская канферэнцыя

Заглаўная старонка з часопіса Галоўнага палітычнага ўпраўлення Чырвонай Арміі, прысвечаная Тэгеранскай канферэнцыі

28 лістапада 2018 г. спаўняецца 75 год з пачатку сустрэчы кіраўнікоў краін антыгітлераўскай кааліцыі ў Тэгеране, вядомай таксама як канферэнцыя “Вялікай тройкі”. Гэта падзея сыграла вялікую ролю ва ўмацаванні кааліцыі, вырашыла важныя надзённыя пытанні, стала пэўным крокам для далейшага ўтварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Важную ролю тут таксама cыграла Маскоўская канферэнцыя міністраў замежных спраў, якая праходзіла 19-30 кастрычніка 1943 г. Гэта сустрэча стала пэўнай падрыхтоўкай да падзей у Тэгеране.

Канферэнцыя “Вялікай тройкі” вельмі доўга і сур’ёзна рыхтавалася. Былі распрацаваны адмысловыя меры бяспекі: Тэгеран быў на 3 дні заблакаваны войскамі і спецслужбамі, спынілі сваю дзейнасць тэлефон, тэлеграф і СМІ. Кіраўніцтва Германіі імкнулася сарваць правядзенне сустрэчы, у Іране актыўна дзейнічалі агенты абвэру і СД. Галоўнай задачай Германіі было ўцягнуць Іран у вайну супраць СССР. У Тэгеран быў скінуты нямецкі дэсант са значнай колькасцю зброі для дыверсійнай дзейнасці. Планы гітлераўцаў былі раскрыты, дзякуючы легендарнаму савецкаму разведчыку М. Кузняцову. А далейшая праца разведгрупы Г. Вартаняна сарвала адну з самых сакрэтных аперацый нацыстаў.

На канферэнцыі, якая праходзіла з 28 лістапада па 1 снежня 1943 г. прысутнічалі кіраўнікі краін-саюзніц: Ф. Рузвельт, У. Чэрчэль і І. Сталін. Найважнейшым пытаннем было адкрыццё другога фронту. Не было сумненняў у тым, што хуткае адкрыццё фронту ў Еўропе магло значна скараціць тэрміны кровапралітнай вайны, паменшыць колькасць ахвяр. Другі фронт аказаў бы істотную дапамогу савецкім войскам, адцягнуўшы нямецкія сілы з усходу. У Тэгеране былі прыняты такія важныя рашэнні, як «Дэкларацыя аб сумесных дзеяннях у вайне супраць фашысцкай Германіі і аб пасляваенным супрацоўніцтве», ухвалена дэкларацыя аб прынцыпах «усеагульнай бяспекі». А таксама іншыя важныя рашэнні, у тым ліку патрабаванне «безагаворачнай капітуляцыі Германіі», аб аднаўленні незалежнасці Аўстрыі, аб адказнасці нямецкіх ваенных злачынцаў і г.д. Саюзнікі СССР пагадзіліся адкрыць другі фронт у Еўропе, савецкі бок паабяцаў уступіць у вайну супраць Японіі пасля капітуляцыі Германіі, але на ўмовах, якія падлягалі вызначэнню ў далейшым.

Удзельнікі канферэнцыі закранулі таксама пытанне Польшчы. Пры разглядзе будучых межаў Польшчы Чэрчыль унёс прапанову: “Ачаг польскай дзяржавы і народа павінен быць размешчаны паміж так званай лініяй Керзана і лініяй ракі Одэр з уключэннем у склад Польшчы Усходняй Прусіі”. На гэта Сталін заўважыў, што СССР не мае незамярзальных партоў на Балтыйскім моры. Таму Савецкі Саюз мае патрэбу ў незамярзальных партах Кенігсберг і Мемель і адпаведнай частцы тэрыторыі Усходняй Прусіі. Чэрчыль абяцаў разглядзець гэтую заяву.

Абмяркоўвалася таксама праблема Германіі. Аднак да агульнай думкі прыйсці не атрымалася, таму гэтае пытанне было перададзена на разгляд Еўрапейскай Кансультатыўнай Камісіі.

Па выніках працы канферэнцыі, нягледзячы на супярэчнасці, якія ўзнікалі паміж кіраўнікамі саюзных дзяржаў, СССР дамогся неабходных для яго рашэнняў ключавых пытанняў. Сярод іх:

- прыняцце канчатковага рашэння аб высадцы ў Францыі ў маі 1944 г. саюзных войскаў;

- перанос межаў Польшчы на Захад да Одэра і прызнанне будучай усходняй мяжы па “лініі Керзона”;

- прызнанне савецкіх прэтэнзій на Кёнісберг;

- прызнанне савецкіх прыбалтыйскіх дзяржаў.

Тэгеранская канферэнцыя мела надзвычай вялікае палітычнае значэнне. Яна знаменавала вышэйшую ступень у развіцці адносін унутры антыфашысцкай кааліцыі — была створана так званая Вялікая тройка, існаванне якой сведчыла пра блізкія адносіны паміж лідэрамі свету. Тэгеранская «Дэкларацыя трох дзяржаў аб сумесных дзеяннях у вайне супраць фашысцкай Германіі і пасляваенным супрацоўніцтве» паказала паслядоўнасць намераў саюзнікаў на поўную перамогу.

Канферэнцыя адыграла важную ролю ў падзеях карэннага пералому ў Другой сусветнай вайне. У зале экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе асвятляецца тэма франтавога друку, прадстаўлена загалоўная старонка 33 нумару часопіса Галоўнага палітычнага ўпраўлення Чырвонай Арміі (снежань 1943 г.), які быў прысвечаны Тэгеранскай каферэнцыі. Цэнтральнае месца займае здымак кіраўнікоў краін антыгітлераўскай кааліцыі.

У музейных фондах захоўваецца кніга “Тэгеранская канферэнцыя”, у якой размешчаны тэкст “дэкларацыі Трох краін”, падпісаны І. Сталіным, Ф. Рузвельтам і У. Чэрчылем.


Артыкул падрыхтаваў малодшы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы Ю.М.Куўшынаў


Кіраўнікі краін антыгітлераўскай кааліцыі
 
Артыкул у газеце Савецка я Беларусь, прысвечаны сустрэчы кіраўнікой трох саюзных дзяржаў

Літаратура:

1. Беларусь у гады Другой сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны (верасень 1939 г. – верасень 1945 г.) // Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Мн., 2007. Ч.2. с. 217-279.

2. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 : Энцыклапедыя. Мн., 1990.

3. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны: курс лекцый) Я.К. Новік, Н.Я. Новік. – Мн., 2006.

4. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т.1–6. – Мн., 1991-200


Герой Советского Союза Роман Наумович Мачульский 30 ноября 2018
Федора Илларионович Павловский, один из первых партизан Беларуси. 20 ноября 2018