Зала Перамогі
Зала Перамогі сімвалічна завяршае экспазіцыю музея. Тут злучыліся Слава і Памяць аб подзвігу нашага народа. На мармуровых плітах увекавечаны імёны 2142 Герояў Савецкага Саюза і 73 поўных кавалераў ордэна Славы.
Залатымі літарамі ўпісаны назвы часцей і злучэнняў 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў, партызанскіх брыгад і атрадаў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні нашай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У зале прыводзяцца лічбы страт у Другой сусветнай вайне. Яна адабрала жыцці 60.000.000 чалавек. Страты Савецкага Саюза склалі 26.600.000 чалавек. На тэрыторыі Беларусі было знішчана больш за 2.357.000 мірных жыхароў і ваеннапалонных.
Тут праходзяць розныя ўрачыстыя мерапрыемствы: прымаюць прысягу маладыя вайскоўцы, уручаюцца пагоны афіцэрам, праводзіцца прыём у піянеры.



