+375 (17) 203-08-72
ВТ-ВС с 10:00 до 19:00

28 кастрычніка адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы "Апалены золак"

28 кастрычніка 2022 года а 15 гадзіне ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбудзецца цырымонія ўрачыстага адкрыцця часовай экспазіцыі “Апалены золак”, прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

Перыяд Вялікай Айчыннай вайны − трагічная і шчымлівая старонка ў жыцці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Яго творы ваеннай тэматыкі, прасякнутыя любоўю да роднай зямлі і нянавісцю да нямецка-фашысцкіх захопнікаў, чыталіся і перачытваліся вайскоўцамі, партызанамі, удзельнікамі і сведкамі вайны. Яны не страцілі сваёй актуальнасці і сёння, бо нагадваюць аб часе ваеннага ліхалецця і аб тых цяжкасцях і стратах, якія давялося перажыць беларускаму народу.

Для Якуба Коласа дарога вайны пачалася з расставання: з Радзімай, Домам, Народам. На фронце з першых дзён вайны апынуўся сярэдні сын паэта Юрка, трагічны лёс якога назаўсёды стаў болем душы яго родных.

З жніўня 1941-га года да лістапада 1943-га сям'я Міцкевічаў жыла ў Ташкенце, куды была накіравана Акадэмія навук БССР. Узбекістан па-сяброўску сустрэў і прыняў Якуба Коласа, але паэтава сэрца сціскалася ад тугі і трывогі за лёс Бацькаўшчыны. На трагічныя падзеі вайны, на гераічную барацьбу абаронцаў Айчыны, на шырокі размах партызанскага руху беларускага народа супраць акупантаў Якуб Колас адгукаўся гучным, палымяным мастацкім словам, прасякнутым пачуццём гневу і пагарды да ворага і верай у непазбежнасць перамогі над сіламі зла і цемры.

Часовая экспазіцыя “Апалены золак” пераносіць нас у 40-я гады мінулага стагоддзя і тэматычна складаецца з чатырох раздзелаў, якія ахопліваюць жыццё і творчасць Якуба Коласа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод музейных прадметаў, прадстаўленых на выстаўцы, асабістыя рэчы сям’і: кубачак, знойдзены на папялішчы даваеннага дома, стрэльба сярэдняга сына Якуба Коласа Юркі, настольнае люстэрка М. Д. Міцкевіч; фотаздымкі, дакументы, рукапісы, кнігі.

Для наведвальнікаў часовая экспазіцыя пачне працаваць 29.10.2022.


Состоялась презентация выставок музея в филиале Российского государственного социального университета 26 октября 2022
Ждем вас в дни школьных каникул! 27 октября 2022