+375 (17) 203-08-72
ВТ-ВС с 10:00 до 19:00

Часовая экспазіцыя «Беларускі штаб партызанскага руху. 1942–1944»

12 кастрычніка 2017 г. у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылося адкрыццё часовай экспазіцыі «Беларускі штаб партызанскага руху. 1942–1944». Экспазіцыя прымеркавана да 75-годдзя з дня стварэння цэнтральнага рэспубліканскага органа, які кіраваў партызанскімі сіламі на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. Аснову экспазіцыі склалі дакументы і прадметы з фондаў музея. Таксама выкарыстаны матэрыялы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Экспазіцыя выставы дае магчымасць прасачыць працэс стварэння Беларускага штаба партызанскага руху, даведацца пра яго структуру і асноўныя напрамкі дзейнасці.

Беларускі штаб партызанскага руху быў створаны паводле Пастановы Дзяржаўнага камітэта абароны СССР ад 9 верасня 1942 г. Штаб забяспечваў цэнтралізаванае кіраўніцтва партызанскімі фарміраваннямі Беларусі. Сюды ўваходзілі распрацоўка мерапрыемстваў па развіцці партызанскай барацьбы, планаванне, арганізацыя і кантроль за баявымі дзеяннямі брыгад і атрадаў. Таксама штаб забяспечваў партызан узбраеннем, боепрыпасамі, сувяззю, вёў падрыхтоўку і ўлік партызанскіх кадраў, арганізоўваў авіяперавозкі грузаў і асабістага складу ў тыл ворага, эвакуацыю параненых партызан у савецкі тыл. Экспануюцца фотапартрэты і асабістыя дакументы кіраўніцтва БШПР: начальніка штаба П.З. Калініна, яго намеснікаў І.П. Ганенкі, І.І. Рыжыкава, І.А. Крупені, Р.Б. Эйдзінава.

Фотаздымкі карэспандэнта газеты «Фронтовая иллюстрация» В.С. Кініялоўскага адлюстроўваюць дзейнасць Паўночна-Заходняй аператыўнай групы ЦК КП(б)Б, якая з’яўлялася папярэднікам БШПР. Аператыўная група арганізоўвала сувязь і кіраўніцтва партызанскімі фарміраваннямі Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. Праз «Віцебскія вароты» яна накіравала ў тыл ворага 20 партызанскіх атрадаў, 102 арганізатарскія і 62 дыверсійныя групы. Паўночна-Заходняя аператыўная група размяшчалася ў в. Шэйна Тарапецкага раёна і абапіралася ў сваёй дзейнасці на штабы і ваенныя саветы 3-й і 4-й ударных армій Калінінскага фронта. На рэдкай серыі фотаздымкаў В.С. Кініялоўскага зафіксаваны заняткі па тапаграфіі ў школе падрыхтоўкі падрыўнікоў, вывучэнне курсантамі мінна-падрыўных сродкаў.

Шэраг планшэтаў часовай экспазіцыі прысвечаны дзейнасці аддзелаў БШПР. Прадстаўлены фотапартрэты начальнікаў аддзелаў, а таксама дакументы, якія адлюстроўваюць іх працу.

Адным з галоўных напрамкаў дзейнасці аператыўнага аддзела пад кіраўніцтвам А.І. Бруханава было планаванне буйных баявых аперацый. Супрацоўнікі аддзела актыўна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы і правядзенні аперацый «Рэйкавая вайна» і «Канцэрт». Трэці этап «Рэйкавай вайны» кіраўніцтва БШПР распрацавала і арганізавала цалкам самастойна.

Аператыўны аддзел таксама займаўся арганізацыяй авіяперавозак: яго супрацоўнікі кантралявалі аэрадромную службу партызан, правяралі гатоўнасць партызанскіх аэрадромаў да прыёму самалётаў і стан іх баявога прыкрыцця, ажыццяўлялі падрыхтоўку парашутнага дэсанта. На фотаздымку – лётчыкі 19-га асобнага атрада – спецыяльна арганізаванай авіячасці, якая абслугоўвала выключна партызан па заданні БШПР.

Важнае месца ў рабоце штаба займала разведка ў тылу праціўніка. Разведвальны аддзел кіраваў зборам інфармацыі, апрацоўваў яе і рассылаў зацікаўленым штабам дзеючых армій, дзяржаўным і партыйным органам. У экспазіцыі – радыёграма начальніка Беларускага штаба партызанскага руху П.З. Калініна аб узмацненні агентурнай разведкі.

Асноўную працу па забеспячэнню партызанскіх фарміраванняў узбраеннем і боепрыпасамі выконваў аддзел матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. Усяго за гады вайны партызанам Беларусі па лініі БШПР было накіравана: вінтовак і карабінаў – 41 776, аўтаматаў – 18 684, кулямётаў – 2 674, мінамётаў – 1 383, супрацьтанкавых ружжаў – 1 383, толу – 552 953 кг, разрыўных гранат – 188 387, розных мін – 101 570.

Санітарны аддзел БШПР узначальваў вопытны ўрач і здольны арганізатар І.А. Інсараў, які правёў вялікую працу па арганізацыі забеспячэння медыцынскімі кадрамі партызанскіх атрадаў і брыгад, па эвакуацыі хворых і параненых, аказанні ім неабходнай медыцынскай дапамогі. Санітарны аддзел  накіраваў партызанам Беларусі 44 318 кг медыцынскай маёмасці, эвакуіраваў на лячэнне ў савецкі тыл 6 617 партызан, аказаў дапамогу ў ліквідацыі сыпнога тыфу.

Дзейнасць Беларускага штаба партызанскага руху ў перыяд вызвалення Беларусі адлюстроўваюць дакументы і асабістыя рэчы генерал-маёра І.М. Дзікана – з кастрычніка 1943 г. начальніка аператыўнай групы БШПР пры 1-м Беларускім фронце, палкоўніка А.А. Архангельскага – начальніка аператыўнай групы БШПР пры 3-м Беларускім фронце, а таксама А.А. Прохарава – намесніка начальніка БШПР.

Асобны раздзел прысвечаны расфарміраванню Беларускага штаба партызанскага руху. Пасля вызвалення Мінску штаб размяшчаўся ў Лошыцы, дзе камандны склад партызанскіх злучэнняў рыхтаваў справаздачы аб баявой дзейнасці за ўвесь перыяд вайны. Сюжэтныя фотаздымкі зафіксавалі працу аддзела кадраў па размеркаванні былых партызан на працу, здачу зброі на расфарміровачным пункце, а таксама самыя ўрачыстыя моманты тых дзён – уручэнне партызанам узнагарод. Пасля расфарміравання штабу (14 лістапада 1944 г.) яго супрацоўнікі занялі ключавыя пасады ў дзяржаўных і партыйных установах. Іх асноўнай задачай стала аднаўленне народнай гаспадаркі Беларусі.

Упершыню на гэтай выставе прадстаўлены ўдзел БШПР у стварэнні Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, таму спынімся на гэтым больш падрабязна. Наведвальнікаў павінны зацікавіць дакументы, якія ніколі раней не дэманстраваліся, – аб перадачы штабам унікальных экспанатаў нашаму музею. Яшчэ падчас вызвалення Беларусі кіраўніцтва БШПР надавала вялікую ўвагу збору матэрыялаў для будучага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Падводзячы вынікі працы, начальнік аператыўнага аддзела А.І. Бруханаў у сваіх мемуарах пісаў: «Блізіўся момант, калі павінна было пачацца масавае расфарміраванне брыгад і атрадаў... Я нагадаў таксама аб указанні П.К. Панамарэнкі на заключным этапе партызанскай эпапеі праводзіць збор рэліквій для будучага музея партызанскага руху».

Супрацоўнікам аператыўнага аддзела БШПР была даручана падрыхтоўка знакамітага партызанскага парада, які адбыўся ў Мінску 16 ліпеня 1944 г. Апошні раз партызаны прайшліся на парадзе пад сваімі сцягамі, а ўжо праз месяц – у верасні 1944 г. 7 самаробных партызанскіх сцягоў былі перададзены ў музей. Кожны з іх унікальны, бо выкананы ў адзіным экземпляры з дапамогай падручных сродкаў. Большую іх частку музей атрымаў ад БШПР. Рэзалюцыя на дакуменце аб перадачы сцягоў дае магчымасць адчуць напружанасць працы і жаданне першых супрацоўнікаў музея як мага хутчэй паказаць наведвальнікам унікальныя рэчы: «У фонды не прымаліся, Перагудаў адразу здаў на выставу».

Амаль у кожным радку кнігі паступленняў музейных прадметаў за 1944 г. ёсць наступны запіс: перададзена з БШПР. У верасні 1944 г. штаб перадаў у музей рукапісныя часопісы, пячаткі і штампы партызанскіх фарміраванняў. У лістападзе паступіла больш за 300 адзінак захопленых партызанамі нямецкіх дакументаў – гэта былі салдацкія кніжкі, ваенныя білеты, лісты, фотаздымкі, а ў снежні 1944 г. музей атрымаў партызанскае абмундзіраванне. 13 снежня 1944 г. у музей паступіў кіцель генерал-маёра П.П. Капусты – аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху ў Мінскай і Беластоцкай абласцях. Гэты прадмет паклаў пачатак музейнай калекцыі «Адзенне».

Перадачай прадметаў у фонды музея займаліся розныя аддзелы БШПР: аператыўны, разведвальны, кадраў, сакрэтны і іншыя. Дзякуючы іх намаганням, паступова адбывалася фарміраванне першых музейных калекцый – «Бальшавіцкі друк» і «Узбраенне беларускіх партызан». Менавіта на аснове гэтых калекцый супрацоўнікі музея падрыхтавалі першыя выставы, якія потым ляглі ў аснову будучай пастаяннай экспазіцыі. Атрыманая ад БШПР ў 1944 г. знакамітая гармата на колах ад воза партызанскага атрада імя газеты «Праўда» Мінскай вобласці – «удзельніца» партызанскага парада – была адным з першых экспанатаў музея.

 

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-даследчай працы

М.В. Гарэлікава

 

 

Музей посетила парламентская делегация Азербайджана 16 октября 2017
Часовая экспазіцыя «Беларускі штаб партызанскага руху. 1942–1944» 16 октября 2017