+375 (17) 203-08-72
АЎ-НД з 10:00 до 19:00

Калекцыя агнястрэльнай і халоднай зброі з’яўляецца адной з асноўных калекцый кожнага ваенна-гістарычнага музея. Наша калекцыя сваім непаўторным зборам абавязана перыяду саракавых-пяцідзесятых гадоў.

Афіцыйна пачатак фарміраавання калекцыі паклаў акт ад 7 верасня 1944 года аб перадачы музею з Беларускага штаба партызанскага руху ўзораў савецкай агнястрэльнай зброі. Крыху пазней, у 1945 годзе з Галоўнага ўпраўлення трафейнага ўзбраення Чырвонай Арміі было атрымана 325 адзінак айчыннага і трафейнага ўзбраення.

У стварэнні калекцыі зброі самы непасрэдны ўдзел прыняў першы сакратар ЦК КП(б)Б, начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху П.К. Панамарэнка. Ён перадаў у музей унікальныя ўзоры айчыннай зброі – вопытны ўзор пісталета канструкцыі Ваяводзіна, які так і не пайшоў у серыйную вытворчасць з прысвячэннем «Генерал-лейтэнанту Панамарэнку П.К., ад Арткома ГАУ» і пісталет-кулямёт ППШ, выраблены ў дзень выпуску мільённага экзэмпляра на Маскоўскім аўтамабільным заводзе імя Сталіна ў верасні 1943 г. У гэты дзень вырабілі 20 аўтаматаў у асаблівым «юбілейным» афармленні і падарылі іх выдатным военачальнікам, у ліку якіх быў і начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху. Гэтыя прадметы зараз з’яўляюцца рарытэтамі калекцыі.

Адначасова адбываюцца першыя масавыя перадачы ў музей зброі, з якой расставаліся партызаны, адыходзячы ў армію ці мірнае жыццё. Арганізацыйна перадача зброі партызан адбывалася праз Беларускі штаб партызанскага руху. Факт масавай перадачы прадметаў зброі непасрэдна ад удзельнікаў баявых дзеянняў у музей яшчэ задоўга да заканчэння вайны з’яўляецца ўнікальным па сваёй сутнасці і паказвае, што гісторыка-культурная каштоўнасць гэтых прадметаў добра ўсведамлялася ўжо ў той час.

На адной з першых дзвюх выставак у музеі, адкрытых у кастрычніку 1944 г. экспанавалася больш за 200 узораў зброі – айчыннай і трафейнай. Гэтая зброя зараз з’яўляецца самым цікавым складальнікам цяперашняй калекцыі агнястрэльнай зброі – не вялікай па колькасці, але каштоўнай па разнастайнасці ўзораў.

У калекцыі шырока прадстаўлена замежная зброя – у першую чаргу нямецкая, а таксама зброя большасці еўрапейскіх краін, якія ўдзельнічалі ў Другой сусветнай вайне, польскай, бельгійскай, венгерскай, галандскай, французскай вытворчасці. Гэта трафейная зброя – аўтаматы, вінтоўкі, карабіны, кулямёты, гарматы, пісталеты, рэвальверы, якія ўяўляюць сабой разнастайныя сістэмы і мадэлі зброі перыяду Другой сусветнай вайны.

Айчынная зброя ў нашай калекцыі першыя гады была прадстаўлена ўзорамі ўзбраення, якое дастаўлялі з «Вялікай зямлі» – кулямёты, супрацьтанкавыя стрэльбы, вінтоўкі, ППШ. Пасля заканчэння вайны калекцыя стала папаўняцца асабістай зброяй, якую перадавалі ў музей франтавікі і партызаны. У нас захоўваюцца пісталеты нашага земляка, Двойчы Героя Савецкага Саюза палкоўніка С.Ф. Шутава, пісталет камандзіра 2-га гв. Тацынскага корпуса, які вызваляў Мінск Героя Савецкага Саюза Бурдзейнага А.С., камандзіраў партызанскіх злучэнняў, Герояў Савецкага Саюза Казлова В.І., Каржа В.З., Лабанка У.А., Заслонава К.С., многіх іншых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны (толькі асабістай зброі –пісталетаў і рэвальвераў у калекцыі налічваецца каля 150 адзінак).

Адна частка калекцыі не ў стане размясціцца ў сховішчах – танкі Т-34, ІС-2, ІС-3, САУ-100, САУ-122, гаўбіцы 122 мм і 152 мм, мінамёты калібрам 80 мм і 120 мм рэактыўны мінамёт «Кацюша» і іншыя ўзоры грознай савецкай зброі ўвесь час папаўнялі і разнастаілі экспазіцыі, прыцягваючы ўвагу і нязменна выклікаючы велізарную цікавасць.

Іншая палова калекцыі – халодная зброя – вельмі разнастайная па сваім складзе.

Баявы нож ці кінжал былі ў кожнага партызана, таму зараз яны пераважаюць у складзе калекцыі. Большай часткай гэта нажы так званага «фінскага тыпу» як фабрычнай вытворчасці так і самаробныя. Сярод іх вылучаюцца два нажа, падораныя генерал-лейтэнанту П.К. Панамарэнка партызанамі брыгады «Жалязняк» Мінскай вобласці і атрада ім. М.І. Калініна Брэсцкай вобласці, перададзеныя ў музей у 1945 годзе. Як і належыць падарунку, клінкі адрозніваюцца старанным вырабам і аздабленнем: наборная рукоять, дакладна падагнаныя дэталі, гравіроўка на лязе і ножнах – усё выдае жаданне майстра зрабіць прыгожы нож. У адрозненне ад падарункаў, большая частка калекцыі – гэта менш прэзентабельныя, але баявыя нажы, штыкі, шпагі, шаблі, кінжалы, цясакі як айчынныя, так і замежнага паходжання. На большай частцы трафейных нямецкіх прадметаў спілаваны знак свастыкі, на некаторых ён заменены зорачкай. Выключэнне складае кінжал радавога складу германскага Чырвонага Крыжа, які патрапіў у фонды музея ў поўнай захаванасці.

Упрыгожаннем калекцыі з’яўляецца ятаган, падораны ад імя югаслаўскага народа І.Б. Ціта Герою Савецкага Саюза, былому беларускаму партызану, камандзіру дыверсійнай групы У.А. Парахневічу падчас першага пасляваеннага візіту дэлегацыі Беларускай ССР у Бялград. Старадаўні меч арабскага паходжання ў сярэбраных, з багатым дэкаратыўным аздабленнем ножнах, стаў сімвалам братэрства па зброі ў барацьбе супраць фашызму.

24 чэрвеня 1945 года на Парадзе Перамогі па Краснай плошчы з шабляй наперавес прайшоў камандуючы 4-й Ударнай Арміяй генерал-лейтэнант П.Ф. Малышаў. Парадная шабля генерала завяршае калекцыю зброі Перамогі.

Вядучы навуковы супрацоўнік Скарынка Г.У.