+375 (17) 203-08-72
АЎ-НД з 10:00 до 19:00

Калекцыя фалерыстыкі ў музеі налічвае больш за 6,5 тысяч адзінак захоўвання – ордэны, медалі, знакі, значкі.

Найбольш значнай і багатай часткай калекцыі з’яўляецца збор дзяржаўных узнагарод Савецкага Саюза. Практычна ўсе ўзнагароды СССР перыяду Вялікай Айчыннай вайны, ад вышэйшай узнагароды – ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка», ордэнаў Славы трох ступеней да медаля «За перамогу над Германіяй», якой адзначана больш за 16 мільёнаў чалавек, прадстаўлены ў фондах музея. Узнагароды персанальныя, яны належалі канкрэтным людзям – франтавікам, партызанам і падпольшчыкам, працаўнікам савецкага тылу. У сховішчах побач суседнічаюць медалі радавых чырвонаармейцаў і палкаводчыя ордэны афіцэраў і генералаў.

Першым з узнагарод паступіў у музей ордэн Айчыннай вайны І ступені Героя Савецкага Саюза, камандзіра звяна 100 гв. знішчальнага палка малодшага лейтэнанта Гучка Пятра Іосіфавіча, якім ён быў узнагароджаны 7 красавіка 1945 года за чатыры знішчаныя ім асабіста самалёта саперніка. Гэта адбылося за два тыдні да яго гібелі пад Берлінам. Ордэн перадаў на захоўванне брат героя, Іван Іосіфавіч у 1951 годзе.

Ордэны і медалі паступалі з навуковых экспедыцый, іх перадавалі родныя ўдзельнікаў вайны, нярэдка ўзнагароды давяралі музею самі ўладальнікі. Паступленні ўзнагарод не спыняюцца да сённяшняга дня.

Апошнім паступленнем з дзіўным лёсам стала Залатая Зорка Героя Савецкага Саюза Барыса Міхайлава, якая была знойдзена ў лесе пад Мінскам. Яшчэ ў 60-я гады па просьбе музея маці героя ў лісце расказала абставіны гібелі сына. Па сведчанні яго баявых таварышаў, Герой Савецкага Саюза лейтэнант Б.Міхайлаў гераічна загінуў у баі пад Мінскам 3 ліпеня 1944 г. На гімнасцёрцы Зорка Героя і баявыя ўзнагароды адсутнічалі. Праз семдзесят гадоў беларуская зямля вярнула ўзнагароду. Герой быў пахаваны на Мінску на ваенных могілках, побач з якім зараз знаходзіцца вуліца яго імя. Усяго ў музеі захоўваюцца ўзнагароды 46 Герояў Савецкага Саюза, сярод якіх 24 медалі Залатая Зорка. 

Унікальнай рэліквіяй калекцыі з’яўляецца ордэн Нахімава I ступені № 70 – апошняе ўзнагароджанне ордэнам у гады Вялікай Айчыннай вайны. 2 верасня 1945 года вышэйшай узнагароды Ваенна-марскіх сіл удастоены інжынер-контр-адмірал К.І. Сакольскі, ураджэнец Гродзенскай вобласці за «забеспячэнне і непасрэдны ўдзел у траленні партоў Сяйсін і Расін падчас вайны з Японіяй». Усяго ордэн ведае 80 узнагароджанняў – палкаводцаў і караблёў. Гэта адзіная ўзнагарода, акрамя ордэна «Перамога», якая мае ў афармленні каштоўныя камяні.

Нараўне з дзяржаўнымі ўзнагародамі ў калекцыі вылучаюцца самаробныя партызанскія медалі двух партызанскіх фармаванняў – «2 гады ў тыле ворага» спецатрада «Баявы» і медалі «За адвагу» і «За заслугі» партызанскай брыгады імя Ракасоўскага Вілейскай вобласці. Гэта рэдкі выпадак, калі былі заснаваны ўласныя партызанскія ўзнагароды. Медалі выраблялі майстры-збройнікі са срэбных манет. Медалём «За адвагу» быў узнагароджаны камісар брыгады імя Ракасоўскага П.М. Машэраў.

Найцікавай часткай калекцыі фалерыстыкі з’яўляецца збор знакаў і значкоў абаронных таварыстваў 30-х–40-х гадоў «Крэпі абарону СССР», «Варашылаўскі стралок», «Варашылаўскі вершнік», «ГСААВІЯХІМ СССР», «Гатовы да СПХА» і іншыя. Знакі трыццатых гадоў – сапраўдныя творы мастацтва, свайго роду плакаты, выкананыя ў метале.

У гады вайны да гэтых знакаў дадаліся нагрудныя знакі выдатнікам воінскіх спецыяльнасцей – ваенных прафесій «Снайпер», «Выдатны кулямётчык», «Выдатны танкіст», «Выдатны артылерыст». Такія ж нагрудныя знакі былі заснаваны для заахвочвання перадавікоў розных галін народнай гаспадаркі. У фондах ёсць поўная серыя з 8-мі нагрудных значкоў для тых, хто вызначыўся на чыгуначным транспарце, заснаваная Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 08.09.01943 г. (Знакамі яны сталі звацца ў 1964 г. пасля перагляду статуту значкоў). «Выдатны паравознік», «Выдатны вагоннік», «Выдатны рабонік службы руху», «Выдатны чыгуначнік», «Выдатны сувязіст», «Выдатны адміністрацыйны работнік». У калекцыі ёсць таксама вышэйшая прафесійная ўзнагарода на чыгуначным транспарце, заснаваная ў 1933 годзе «Ганаровы чыгуначнік».

Найбольш поўна ў калекцыі прадстаўлены памятныя значкі і знакі, прысвечаныя юбілейным датам гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, памятным мясцінам, героям, воінскім часцям і злучэнням. Тэма Вялікай Айчыннай вайны з шасцідзесятых па дзевяностыя гады займала вядучае месца ў савецкай фалерыстыцы.

Вядучы навуковы супрацоўнік Скарынка Г.У.