+375 (17) 203-08-72
АЎ-НД з 10:00 до 19:00

Ва ўсёй шматграннасці культурна-адукацыйнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны калекцыя самаробнай зброі займае асаблівае месца. Узоры самаробнай партызанскай зброі сталі тымі прадметамі музейнага значэння, якія ляглі ў аснову ўсяго музейнага фонду.

Праз тыдзень пасля пачатку вызвалення Беларусі 30 верасня 1943 г. Бюро ЦК КП(б)Б заслухала пытанне «Аб стварэнні музея па гісторыі барацьбы беларускага народа з нямецка-фашысцкімі акупантамі ў час Вялікай Айчыннай вайны». У пастанове ЦК КП(б)Б аб стварэнні музея было важнае ўказанне на прыярытэты музеефікацыі прадметаў: «Пры гэтым трэба звярнуць увагу на збор: «Узораў партызанскага ўзбраення і ўсіх відаў баявой дыверсійнай партызанскай тэхнікі, у тым ліку: гранат, пісталетаў, аўтаматаў, кулямётаў, санітарнага абсталявання і інш., вырабленых сіламі саміх партызанскіх атрадаў». Пры гэтым трафейная зброя і зброя дзеючай Чырвонай Арміі ў якасці экспанатаў не ўлічваліся – гэта адбылося пазней.

Вынікам гэтага рашэння з'явілася захаванне шматлікіх бясцэнных прадметаў яшчэ ў перыяд баявых дзеянняў, якія захоўвалі пры сабе спецыяльна для перадачы ў музей.

У 1944 г. партызаны Пінскага партызанскага злучэння адправілі на «Вялікую зямлю» ў падарунак Маршалу Савецкага Саюза К.Я. Варашылаву і начальніку Цэнтральнага штаба партызанскага руху П.К. Панамарэнку два самаробныя пісталеты-кулямёты, кажух якога быў выраблены з рамы трафейнага ровара, спускавы механізм – з жалеза старой бензінавай бочкі, затвор – з вала млына, дзюралюміневыя накладкі – з астаткаў нямецкага самалёта, шчочкі – з рога каровы, ствол – ад вінтоўкі Мосіна. Дасланыя пісталеты-кулямёты былі выраблены Я.А. Менкіным, і Я.І. Цемяковым – партызанамі Пінскага партызанскага злучэння брыгады імя Будзёнага, атрада імя Катоўскага.

У адказ на падарунак партызан, 21 чэрвеня 1944 г. П.К. Панамарэнка даслаў радыёграму: «Дзякую ад свайго імя і ад імя К.Я. Варашылава за дасланыя ўзоры аўтаматаў. Майстэрню вашага злучэння цалкам захавайце для музея Айчыннай вайны беларускага народа». Пасля вызвалення Беларусі,     у жніўні 1944  абсталяванне зброевай майстэрні было дастаўлена ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Самаробная зброя ў гады вайны была найлепшым падарункам. У той жа зброевай майстэрні пад кіраўніцтвам майстра Я. Цемякова было выраблена два аўтаматы ў падарунак камандзіру злучэння з памятным надпісам на дзюралюмініевай накладцы: «На памяць нашаму генерал-маёру Камарову В.З. ад калектыву майстроў п/а імя Катоўскага.1-5-44». «Смерць нямецкім акупантам» і сакратару Пінскага абкама КП(б)Б С.Г. Вайцяховічу – гэтая зброя захоўваецца ў калекцыі музея.

3 ліпеня 1944 года быў вызвалены Мінск і ўжо да сярэдзіны месяца кіраўніцтва рэспублікі вярнулася ў сталіцу. 1б ліпеня 1944 г. у Мінску прайшоў адзін з самых незвычайных парадаў – парад савецкіх партызан, якія змагаліся за вызваленне Беларусі. Значная частка брыгад і злучэнняў Мінскай вобласці прайшлі па цэнтры горада пад сваімі сцягамі, зброяй і, нават, артылерыяй, да даваеннага мінскага іпадрома. Пасля парада частка асабістага стралковага ўзбраення, у тым ліку самаробнага, была здадзена партызанамі для далейшай перадачы ў музей.

Калекцыя самаробнай партызанскай зброі заўсёды прыцягвала найбольшую ўвагу і цікавасць наведвальнікаў. Першымі выставамі, якія сталі асновай будучай пастаяннай экспазіцыі, сталі «Бальшавіцкі друк» і «Узбраенне беларускіх партызан». «Якую захапляльную кнігу для нашага падрастаючага пакалення можна напісаць, гледзячы на гэтыя аўтаматы, пісталеты, гранатамёты самых мудрагелістых формаў і разнастайных, нідзе не вядомых сістэм, сабраныя па вінціку, па шрубе рукамі саміх партызан», – пісала газета «Правда» ад 15 кастрычніка 1944 г. У далейшым фонды музея папаўняліся дакументамі, фатаграфіямі, успамінамі, справаздачамі, якія дапамаглі асвятліць гісторыю стварэння самаробнай зброі як частку гісторыі партызанскай вайны на тэрыторыі Беларусі 1941–1944 гг.

Разглядаючы ўнікальныя прадметы, створаныя залатымі рукамі партызанскіх майстроў, становіцца відавочным, што шматлікім рашэнням у асобных вузлах канструкцый, эрганоміцы зброі, у афармленні і вырабе пісталетаў-кулямётаў іх можна аднесці да каштоўных узораў зброевага мастацтва.

У калекцыі музея захоўваюцца экзэмпляры розных відаў самаробнай зброі, адзін не паўтарае іншы. І, па водгуках партызан, якія ваявалі са зброяй, аўтаматы, вырабленыя ў лясных майстэрнях, дзейнічалі не горш за завадскія.

Цяпер у калекцыі 62 непаўторныя прадметы. Калекцыя сістэматызавана, выдадзены каталог калекцыі «Партызанская зброя», працягваюць збірацца ўспаміны партызанскіх майстроў-збройнікаў, фатаграфіі зброевых майстэрняў. Калекцыя самаробнай зброі з'яўляецца ўнікальнай з'явай нашай гісторыі і культуры, ёй нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі № “1” Рэспублікі Беларусь.


Вядучы навуковы супрацоўнік Скарынка Г.У.